У палове ліпеня бягучага года прайшоў штогадовы раённы турыстычны злёт сярод арганізацый і прадпрыемстваў Астравецкага раёна, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Году Моладзі, у маляўнічым месцы, на беразе ракі Страча, непадалёку ад пасёлку Альхоўка.
Нягледзячы на капрызы прыроды, якія прыпаднесла матухна-прырода ў выглядзе дажджу і парывістага ветру, сабраліся сапраўдныя аматары пабавіць час на свежым паветры - прадстаўнікі працоўных калектываў Астравеччыны. Сярод іх і медыцынскія работнікі ўстановы аховы здароўя “Астравецкая цэнтральная раённая бальніца”, члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, якія аб’ядналіся і назвалі сваю каманду “Астрамеды”.
Уладкаваўшыся на беразе ракі, наша дружная каманда падрыхтавалася да ўдзелу ў шматлікіх конкурсах, прыгатаваных суддзямі да турыстычнага злёту. Сярод выпрабаванняў, якія чакалі турыстаў, у першы дзень былі падняцце гіры вагой 24 кг, валейбол, дартс, стральба з пнеўматычнага пісталета. З гэтымі выпрабаваннямі каманда медыкаў справілася ўпэўнена. З з’яўленнем у камандзе першых пераможцаў у розных відах спаборніцтваў, нарадзілася надзея на далейшыя поспехі. Самым відовішчным быў конкурс па распіліванню бервяна, які патрабаваў ад удзельнікаў не толькі фізічнай падрыхтоўкі, але і спрытнасці. Прадстаўнікі “Астрамедаў” і з дапамогай пілы “Дружба” занялі другое месца.
Напэўна самым складаным і доўгачаканым пры падрыхтоўцы конкурсам быў “Быт турыста”, які прадугледжваў трыманне экалагічных і гігіенічных нормаў турыстычнага лагера, супрацьпажарнай бяспекі, наяўнасці шутачнага меню і абароны яго. Сколькі спатрэбілася фантазіі, ўсялякіх хітрыкаў, каб задаволіціь і задобрыць кампетэнтнае журы. Дзеля гэтага ў Альхоўку, паводле задумкі галоўнага рэжысёра па сумяшчальнасці і члена каманды Трафімава Уладзіміра, “спецыяльна прыехалі” сапраўдныя зоркі: Сяргей Звераў, Лепс, Мікіта Джыгурда, Верка Сярдзючка, Дзіма Білан і група “Дзюна”. Пад дружныя воплескі іх сустракалі ўсе прысутныя, а асабліва члены журы. А каб паважаным гасцям смачна пілося і елася, сваё майстэрства ў прыгатаванні турыстычных страў паказала “шэф-повар” каманды Данута Субаткевіч. Суддзям нічога не заставалася рабіць, як выставіць вышэйшаю адзнаку нашай камандзе і ў гэтым конкурсе.
Час ішоў паволі, сонейка неахвотна хавалася за небасхіл, надыходзіў час апошняга конкурса першага дня спаборніцтваў: конкурса мастацкай самадзейнасці. Наталля Івашка сваёй песняй “Малітва за Беларусь” прымусіла заслухацца не толькі дарослых, але і, нават, самых маленькіх удзельнікаў турыстычнага злёту. Яна гучала, як сапраўдная малітва, як падзяка самаму дарагому, што ёсць на Зямлі – жыццю.
Другі ж дзень таксама не дазволіў расслабіцца ўдзельнікам злёту пасля кароткага начнога адпачынку. Кароткачасовы ліпеньскі дожджык уносіў свае карэктывы ў праграму турыстычнага злёту.
Канкурсантаў чакалі сапраўдныя выпрабаванні на турыстычнай паласе перашкод. Колькі спрыту, кемлівасці і хуткасці давялося выкарыстаць пры пераадольванні мышалоўкі, пераходзе праз бервяно, пераадольванне лабірынту, броду і пераносе хворага на насілках. І як вынік – першае агульнакаманднае месца.
А на “закуску”, як кажуць сапраўдныя турысты, застаўся самы відовішчны від спаборніцтваў – перацягванне канату. Не давялося асабліва старацца медыкам, бо паглядзеўшы на нашых багатыроў, сапернікі “аддалі” перамогу “Астрамедам”.
У выніку астравецкія медыкі (“Астрамеды”), набраўшы 225 балаў, з вялікім адрывам абагнаўшы супернікаў, апынуліся наймацнейшымі і занялі першае агульнакаманднае месца ў турзлёце.
Турыстычны злёт закончыўся, пакінуўшы добрыя ўражанні пра адпачынак у Альхоўцы і зарад пазітыўнай энергіі, медыкі павярталіся на свае рабочыя месцы з надзеяй вярнуцца ў гэтыя маляўнічыя мясціны ў наступным годзе. Да новых сустрэч, Альхоўка!
Т.З.Субаткевіч, старшыня пярвiчнай прафсаюзнай арганізацыі УАЗ “Астравецкая цэнтральная раённая бальнiца”