Штогадовае спатканне з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі на сваё першае працоўнае месца, адбылося ў Астравецкай раённай бальніцы напрыканцы мінулага тыдня. Па сямейнаму цеплую сустрэчу арганізавалі прафсаюзны камітэт сумесна з адміністрацыяй. На яе былі запрошаны і ганаровыя госці: старшыня Астравецкага раённага савета дэпутатаў Тальчук Ірына Эдуардаўна, намеснік старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Свіла Віктар Збігневіч і старшыня Астравецкага раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Бразінскі Расціслаў Арсенцьевіч.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся галоўны ўрач Валянцін Ігнатавіч Тачоны. Ён пажадаў поспехаў на першым працоўным месцы і, пры гэтым, зазначыў, што ў цэнтральнай раённай бальніцы створаны ўсе умовы для прафесійнага росту кожнага супрацоўніка. Дарэчы, у бягучым годзе шэсць дактароў паступіла ў клінічную ардынатуру і два ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У сваёй прамове Валянцін Ігнатавіч таксама падкрэсліў, што з прыбыццем на першае працоўнае месца маладога папаўнення, колькасць дактароў на Астравеччыне упершыню дасягнула 116 чалавек. З цягам часу маладыя людзі, набраўшыся вопыту пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў, змогуць працаваць у будынку новай бальніцы. Здароў'е жыхароў Астравецкага раёна – у надзейных руках.
Старшыня прафсаюзнага камітэта Тадэвуш Субаткевіч пажадаў маладым людзям прафесійнага росту, быць актыўнымі ўдзельнікамі не толькі ў справах прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аховы здароў'я, але і грамадскай дзейнасці працоўнага калектыву. І самае галоўнае - каб ніколі ў жыцці не пашкадававалі наконт выбару сваёй прафесіі. У часе святочнага мерапрыемства былі ўручаны прафсаюзныя білеты тром маладым спецыялістам, якія ўпершыню ўступілі ў прафесійны саюз работнікаў аховы здароў'я.
Сустрэча праходзіла ў цеплай сямейнай абстаноўцы за кубачкам гарбаты. Цеплыню і добразычлівасць для маладых спецыялістаў пастараліся зрабіць сумеснымі намаганнямі адміністрацыя і прафсаюзны камітэт. Не абыйшлося без падарункаў у гэты дзень. У невялікай, але вельмі ўтульнай зале гучалі віншаванні ў выкананні Вікторыі Емельян. Прафесійнае выкананне музычных твораў падхоплівалася прысутнымі ў зале і суправаждаліся працяжнымі апладысментамі.
У гэты асаблівы дзень здавалася, што падарункі для маладых спецыялістаў проста так не маглі закончыцца. І вось падсілкаваўшыся, зрабіўшы агульнае фота на памяць, маладыя спецыялісты накіраваліся ў сваё першае падарожжа па Астравецкім раёне.
А першым прыпынкам стала знаёмства з інфармацыйным цэнтрам Беларускай АЭС. З вялікай увагай слухалі маладыя медыкі расповед Сяўко Сяргея пра падрыхтоўку і ход будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Даведаліся і пра сам працэс пераўтварэння атамнай энергіі ў электрычную. Каб замацаваць тэарэтычныя веды на практыцы, а гэта наступны пункт падарожжа, накіраваліся на саму будоўлю стагоддзя. Там маладыя спецыялісты змаглі на свае ўласныя вочы пабачыць велічнасць новабудоўлі.
Заключным прыпынкам падарожжа стала наведванне жамчужыны Астравекага краю – касцёла святой Троіцы ў Гервятах. Прайсціся па сцяжынках прыкасцельнай плошчы, наўкол велічнага будынку касцёла, паглядзець на вялікае мноства дрэў і кустоў дэндрапарку, паслухаць аповед пра гісторыю найпрыгажэйшага храма, стала своеасаблівай кульмінацыяй у знаёмстве з адным з прыгажэйшых куточкаў Беларусі.
Нездарма кажуць у народзе: пасеянае зерне дабра і прыгажосці ў душах маладога пакалення заўсёды дае добрыя ўсходы. Будзем у гэта верыць і мы!
Тадэвуш Субаткевіч, старшыня пярвiчнай прафсаюзнай арганізацыі УАЗ “Астравецкая цэнтральная раённая бальнiца”